Віншуем пераможцаў выставы!Каляды… Батлейка… Свята.
10 студзеня 2020 года ў актавай зале Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста прайшлі заключныя мерапрыемствы гарадскога фестывалю дзіцячай творчасці “Батлейка”. У гэтым годзе у праграме фестывалю значылася два самастойных конкурсных мерапрыемства – выстава-конкурс лялек “Кукольный вернисаж” і конкурс батлеечных тэатраў.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца аддзел па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама і дзяржаўная ўстанова адукацыі “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста”.
Выстаўка лялек “Кукольный вернисаж” адкрылася напярэдадні Новага года ў чытальнай зале Брэсцкай гарадской дзіцячай бібліятэкі-філіяла №13. (Фота з адкрыцця выставы)
За тры тыдні выстаўка сабрала шмат прыхільнікаў гэтага віду мастацкай творчасці. Паглядзець на дзіцячыя работы прыходзілі не толькі школьнікі, але і дарослыя. Нашы лялькі дарылі кожнаму гледачу цеплыню сваіх вачэй.
10 студзеня юныя майстры прыйшлі ў Цэнтр, каб заслужана атрымаць свае ўзнагароды і паглядзець яшчэ на адзін Калядны цуд – Батлейку.
Конкурс батлеечных тэатраў праводзіўся ўжо ў чацверты раз. У гэтым годзе ў ім прымалі ўдзел 7 калектываў з горада Брэста. Гэта ўжо добра знаёмыя творчыя суполкі – “Берасцейцы” з сярэдняй школы № 33 (кіраўнік Пяшко В.С., Гарун Г.М.), тэатр-батлейка гімназіі №6 імя Маршала Савецкага Саюза Жукава Р.К. (кіраўнік Ныч Г.У.), “Батлейка” дзіцячага сада-пачатковай школы №8 (кіраўнік Дзітрук М.А.), “Тэатр-батлейка” Нядзельнай школы Свята-Мікалаеўскага брацкага храма г.Брэста (кіраўнік Валевіч А.Ф.), “Батлейка” сярэдняй школы №37 (кіраўнік Салапура Т.І.), а вось вучні з калектыву “Тэатральная творчасць” сярэдняй школы № 9 (кіраўнік Наўцэня В.А.) і калектыву “Талісман” дзіцячага-сада – пачатковай школы №7 (кіраўнік Цішко Л.К.) у ролі батлеечнікаў выступілі ўпершыню.
На суд журы былі прадстаўлены спектаклі як на традыцыйныя біблейскія сюжэты, так і сучасныя пастаноўкі для батлеечнага тэатра.
Дзіцячую творчасць немагчыма аддзяліць ад дапамогі і дарады дарослых, таму арганізатары вельмі ўдзячны членам журы, якія ўважліва слухалі, глядзелі, суперажывалі і дастойна ацанілі кожны батлеечны спектакль. У саставе журы працавалі:
Глебік Юлія Алегаўна – дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Брэста, старшыня журы;
Кушчынская Алена Аляксееўна – метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Ленінскага раёна г.Брэста;
Паўлючук Ірына Адамаўна – метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна г.Брэста;
Брыч Віялета Крыштофаўна – метадыст Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладежнай творчасці;
Івашкова Святлана Іванаўна – загадчык Цэнтральнай гарадской бібліятэкай-філіялам №13;
Сандрыкава Вольга Аляксандраўна – дзіцячая пісьменніца, кукальніца.
Батлейка, як старажытны від беларускага мастацтва быў вядомы ў Беларусі з 16 стагоддзя, і ў Берасці была батлейка. У наш час гэты від аднаўляецца дзякуючы сапраўдным знаўцам і прыхільнікам народнай культуры. Больш таго, гэты тэатральны жанр развіваецца, набывае новыя рысы і сродкі. І вельмі прыемна, што сярод інавацыйных выхаваўчых формаў работы з навучэнцамі існуе і развіваецца брэсцкая дзіцячая батлейка.
Падчас Калядных святаў навучэнцы і настаўнікі звяртаюцца “з лялькай да Бога”, вучаць дабру, любві, міласэрнасці.
Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, прыказкі і прымаўкі свайго народа, умець спяваць народныя песні, цікавіцца, як беларусы спрадвеку адзначалі святы ў родным краі. Гэта і ёсць асноўная мэта фестывалю – яшчэ раз напомніць, каб дарослыя і дзеці не забывалі пра непаўторнасць і адметнасць жыцця нашай краіны.
Чарговы фестываль “Батлейка” завершаны. Аб удзельніках і пераможцах пісалі ў газетах, іх здымалі на тэлебачанні.
Ад усёй душы дзякуем вядучым Рачко Дар’і і Габрыльчук Наталлі, вучням аб’яднання “Клуб вясёлага настрою” (кіраўнік Раманчук Т.Я.) і артыстам калектываў “Вясняначка” (кіраўнік Фігура А.Д.) і “Чароўны мікрафон” (кіраўнік Сарокіна Н.М.) за прафесійны канферанс і святочныя музыкальныя нумары.
Віншуем пераможцаў і чакаем новай сустрэчы!
Абрамчык Н.М., загадчык адзела выяўленчага мастацтва і
дэкаратыўна-прыкладной творчасці
ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Брэста!